Русская Православная Церковь
Московский Патриархат
Белорусская
Православная Церковь

При использовании материалов
ссылка на сайт
www.spas-monastery.by обязательна

Дорогие гости сайта!
Если у кого-либо из вас сохранились материалы, касающиеся истории нашего монастыря (документы, фотографии и др.), пишите нам по адресу электронной почты spas.monastery@gmail.com Будем благодарны за любую помощь.

Гісторыя адраджэння храмаў прападобнай Еўфрасінні ў Полацкай епархіі на сучасным этапе: параўнаўчы аналіз

Распечатать

Статья об истории возрождения храмов преподобной Евфросинии в Полоцкой епархии написана Лабоха Галиной Михайловной, магистром исторических наук, преподавателем кафедры отечественной и всеобщей истории УО «Полоцкий государственный университет».

Г.М. ЛАБОХА

Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы

Праведзены паралелі паміж агульнымі этапамі станаўлення, умовамі існавання і дзейнасці праваслаўных храмаў, асвечаных у гонар прападобнай Еўфрасінні на сучасным этапе.

Раскрыты грамадска-палітычныя ўмовы існавання помнікаў сакральнага дойлідства ў вызначаны перыяд.

This work is dedicated to the parallels between the main stages of existence and activities of the Orthodox churches of saint Euphrosyne of Polotsk at the current stage. The article although deals with socio-political conditions of existence of the monuments of sacral architecture in this period.

Апрацаваны аб’ём архіўных матэрыялаў і дадзеных энцыклапедычных выданняў сведчыць на карысць таго факта, што ў гонар беларускай асветніцы прападобнай Еўфрасінні ў сучасных межах Полацкай епархіі было ўзведзена чатыры храма. Абапіраючыся на гэты колькасны паказчык, можна сцвярджаць аб наяўнасці ў Полацкай епархіі шырока распаўсюджанага культу Еўфрасінні – мясцовай заступніцы праваслаўных вернікаў.

На жаль, не ўсе храмы Еўфрасінні з моманту пабудовы прайшлі выпрабаванні часам і захаваліся да аснавання скляпенняў. Свята-Еўфрасіннеўская царква ў в. Бароўка Верхнядзвінскага раёна і ўласна Еўфрасіннеўская, інакш «цёплая», царква, што была пабудавана ў межах архітэктурнага ансамбля полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра – адзіныя, якім пашчасціла захавацца. У сваю чаргу, храмы прападобнай Еўфрасінні, узведзеныя ў в. Сакалішча Расонскага раёна і в. Росіца Верхнядзвінскага раёна ўвайшлі ў спіс страчанай спадчыны.

Адраджэнне ў ліпені 1989 года Полацкай епіскапскай кафедры садзейнічала далейшаму адраджэнню Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, а таксама павышэнню рэлігійнасці насельніцтва і паступоваму разбурэнню Новаўтвораная Полацкая епархія ўвайшла ў склад заснаванага ў 1990 годзе Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) на чале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усея Беларусі Філарэтам (Вахрамеевым). Межы Полацкай епархіі былі вызначаны ў адміністрацыйных межах Віцебскай вобласці [1, с. 2].

Па рашэнню Сінода Беларускай праваслаўнай Царквы, 10 мая 1992 года былі ўтвораны дзве самастойныя Віцебская і Полацкая епархіі. Межы зноў утворанай епархіі вызначаны тэрытарыяльнай плошчай 10 адміністрацыйных раёнаў Віцебскай вобласці: Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Полацкага, Пастаўскага, Расонскага, Ушачскага і Шаркаўшчынскага [2, с. 292].

Большасць адчыненых храмаў знаходзілася ў аварыйным становішчы: без купалоў, даху і са збітымі крыжамі. Значная частка праваслаўных абшчын не мела ў наяўнасці культавых будынкаў, і таму праводзіла набажэнствы ў арэндаваных ці прыстасаваных для гэтых мэтаў звычайных грамадзянскіх памяшканнях.

Некаторыя храмы Полацкай епархіі дасюль знаходзяцца пад пагрозай знішчэння: цэгла і вапнавая рошчына штодзень рассыпаюцца. За часы «развітога сацыялізму» усе храмы за невялікім выняткам не даглядаліся і найчасцей выкарыстоўваліся не па сваім прамым прызначэнні. Толькі вельмі невялікай колькасці храмаў на тэрыторыі Полацкай епархіі пашанцавала быць прыстасаванымі пад канцэртныя залы і музеі, што азначала рэстаўрацыю і сталы дагляд. Такім чынам, ранейшая матэрыяльная моц Царквы, якая вызначалася і па ступені матэрыяльнага дабрабыту манастырскіх гаспадарак і па колькасці храмаў у населеных пунктах, яшчэ доўгі час будзе недасягальным прыкладам на сучасным этапе.

Па блаславенню Свяцейшага Сінода РПЦ, дадзенаму 6 ліпеня 1989 года, у Спаскім манастыры былі распачаты рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Так, у гісторыі забудовы і планавання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага ансамбля распачаўся перыяд паступовага адраджэння архітэктурных помнікаў царкоўнага дойлідства [3, с. 44].

Напачатку адраджэння манастырскага ансамбля перад духоўным кіраўніцтвам Полацкай епархіі паўсталі шматлікія перашкоды. У той час, калі манастыр не дзейнічаў, у двухпавярховы будынак, дзе раней жылі манашкі, было паселена 27 сем’яў [4, с. 77]. Культавыя пабудовы знаходзіліся ў даволі дрэнным стане, на іх капітальнае аднаўленне патрабавалася шмат грашовых сродкаў.

З канца 1980-х гадоў рэстаўратары распачалі маштабную работу над усімі аб’ектамі манастыра, аднаўлялі Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор і «цёплую» царкву (з 1991 года – трапезны храм). Агульнымі намаганнямі ў 1989 годзе быў адноўлены Спаса-Праабражэнскі храм [5, с. 2].

У пачатку 1990 года былі скончаны рэстаўрацыйныя работы ў саборы Крыжаўзвіжання. Дарэчы, трэба заўважыць, што рэстаўрацыя сабора была здзейснена за вельмі кароткі тэрмін – усяго за 9 месяцаў [6, с. 18]. Арганізаваны і праведзены комплекс работ па добраўпарадкаванню манастырскага комплекса і парка завяршыўся аднаўленнем манастырскай брамы і надбрамнай званіцы.

24 мая 1989 года «цёплая» царква была перададзена з баланса Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка на баланс Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) [7, c. 65]. Са свайго боку, гарадскі выканаўчы камітэт прасіў вярнуць грошы Полацкаму гісторыка-археалагічнаму запаведніку за рамонт «цёплай» царквы агульнай сумай 100 тыс. руб. і выдаткаваць сродкі ў памерах 50 тыс. руб. для будаўніцтва жылля тым людзям, што яшчэ пражывалі на тэрыторыі манастырскага комплексу [8, л. 40]. Агульны аб’ём работ патрабаваў значных выдаткаў. Зазначым, што Беларускі Экзархат перавёў вялікую на той час суму грошай, каб выкупіць у дзяржавы аб’екты манастырскага комплексу, а паміж тым апошнія ў свой час будаваліся на народныя ахвяраванні і былі ўласнасцю манастыра. Калі ўсе пазначаныя патрабаванні былі выкананы, 17 студзеня 1990 года гарвыканкам вярнуў у карыстанне жаночага манастыра тры культавыя пабудовы (Спаса-Праабражэнская царква, «цёплая», або трапезная царква, Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор), два жылыя двухпавярховыя дамы і надбрамную званіцу [9, с. 47; 8, л. 40].

Пасля таго як усе тры сакральныя помнікі манастырскага ансамбля зноў маглі дзейнічаць, улады пагадзіліся перадаць іх Экзархату і даць дазвол на адкрыццё манастыра. 4 жніўня 1990 года Савет па справах рэлігіі пры Савеце Міністраў СССР зарэгістраваў Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр [10, л. 110]. Полацкаму манастыру была адведзена тэрыторыя ў адпаведнасці з межамі, вызначанымі праектам рэгенерацыі гістарычнай забудовы г. Полацка за выключэннем тэрыторый, занятых жылымі дамамі № 99 і 101 па вуліцы Фрунзе (зараз вул. Еўфрасінні Полацкай) [11, л. 136]. З таго моманту адраджэнне манастырскага комплексу пачало набіраць хуткія тэмпы: 3 ліпеня 1990 года з Жыровіцкага манастыра ў Спаса-Еўфрасіннеўскі пераехала 14 першых насельніц, 23 верасня 1991 г. пад кіраўніцтвам ігуменні Еўфрасінні (Максімчук) у манастыр прыбыла другая група інакінь (18 сясцёр) [12, с. 2].

На сённяшні дзень архітэктурна-планіровачная структура манастырскага ансамбля сведчыць аб захаванні ім арганічнай кампазіцыі з уключэннем не толькі аднаго, а некалькі храмаў. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастырскі комплекс па-ранейшаму ўключае тры храмы – Спаса-Праабражэнскі храм (ХІІ ст.), «цёплую» царкву прападобнай Еўфрасінні Полацкай (1847 год) і Свята-Крыжаўзвіжанскі сабор (1897 год). У забудову манастырскага ансамбля таксама ўваходзяць каменная надбрамная званіца (1882 год), тры манастырскія карпусы і рэшткі храма-ўсыпальні (ХІІ ст.), на месцы якога ўладкаваны памятны драўляны крыж.

Стан «цёплай» царквы з моманту яе аднаўлення (1989 год) можна лічыць задавальняючым [13, л. 3]. З 1991 да пачатку сакавіка 2009 года адрэстаўрыраваны сакральны будынак спраўна выконваў функцыю манастырскай трапезнай. Не так даўно, 28 сакавіка 2009 года, у храме былі адноўлены богаслужэнні.

У той час, калі аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя «цёплай» царквы захавалася да нашага часу без грунтоўных змяненняў, сучасны стан Бароўскага храма прападобнай Еўфрасінні перадусім сведчыць аб неаднаразовых зменах у яго першапачатковым абліччы падчас шматлікіх перабудоў. «Навацыі» ў архітэктурным вырашэнні помніка з’яўляліся непасрэдным вынікам яго чарговага «функцыяныльнага прызначэння»: толькі за гады савецкай улады ў будынку царквы ў розныя часы размяшчаліся збожжасховішча, сельскі клуб і склад будаўнічых матэрыялаў.

Так, на сучасны момант храм упрыгожваюць два невялікія купалы: адзін завяршае двух’ярусную званіцу, другі размешчаны на цэнтральным васьмігранным барабане. Колькасць аконных праёмаў, размешчаных на фасадах будынка ў два ярусы, зменшылася ўдвая. На месцы былых акон, завершаных дэкаратыўнымі паўцыркульнымі броўкамі, засталіся замураваныя паўцыркульныя нішы. Вежападобная званіца і цагляны барабан таксама аздоблены ўжо не імітаванымі, а сапраўднымі вокнамі паўцыркульнай формы, якія па сваёй велічыні ўдвая меншыя за вокны ніжэйшага яруса.

Храм прападобнай Еўфрасінні ў в. Бароўка быў вернуты праваслаўным вернікам у 1992 годзе. Будынак знаходзіўся ў даволі жудасным стане. У храме (чытай – клубе) не было іканастаса і неабходнага царкоўнага начыння, разбурана званіца, значна пашкоджаны падлога, дах і столь храма.

Матэрыяльныя праблемы і нястачы адбіваюцца на стане Бароўскай царквы ад самага моманту яе перадачы праваслаўным вернікам. Нягледзячы на той факт, што Бароўская Свята-Еўфрасіннеўская царква ўяўляе сабой архітэктурны помнік дзяржаўнай значнасці, грашовыя сродкі на яе патрэбы вызначаюцца мізэрныя. Правядзенне рамонтных работ не толькі ў царкве, але і вакол яе адбываецца на сабраныя ахвяраванні вернікаў: большасць з іх, людзі сталага ўзросту, у пачатку 1990-х гадоў актыўна дабіваліся ад гарвыканкама дазволу на адкрыццё адзінай на вёсцы праваслаўнай царквы. Ахвяраванняў мясцовых прыхаджан было недастаткова, каб капітальна адбудаваць храм, аздобіць купаламі, багатым іканастасам і асабліва званамі. Адзін царкоўны звон, як адзначаў пратаіерэй Валянцін (Вабішчэвіч), на перыяд 1995 года каштаваў каля 3 тыс. долараў, што для вясковага храма, безумоўна, даволі значная сума.

Прылягаючая тэрыторыя вакол сакральнага будынка на перыяд 1992 года мела даволі непрывабны выгляд, галоўны ўваходны партал царквы быў зачынены, як напамін аб былых «клубных» часах пакінута іржавая жалезная лесвіца для кінамеханікаў. Царкоўным могілкам не даставала дагляду: іх ганьбілі груды смецця, пустазелле і паламаная вакольная агароджа.

Мясцовыя вернікі (у большасці жанчыны сталага ўзросту) самастойна цягалі цэглу, ваду і гліну, бялілі фасады царкоўнага будынка, выносілі бруд, які застаўся пасля вывезенай крамы-склада. Па словах Л.М. Лысёнак, было вельмі жудасна бяліць царкву на вялізнай вышыні, нават калі другія жанчыны падтрымоўвалі будаўнічыя лясы. Усё было шэрым: і стары непакрыты дах, і разбураная званіца[1].

З 1996 года былі арганізаваны работы па рамонту даху Бароўскай царквы. Прыхаджане сабралі сродкі на неабходныя будматэрыялы, пасля чаго самастойна паспрабавалі правесці будаўнічыя работы. Пасля высветлілася, што рамонтна-рэстаўрацыйныя дзеянні патрабавалі непасрэднага ўдзелу прафесійных спецыялістаў. Разгдедзеўшы прашэнне вернікаў, райвыканкам у 1996 годзе вырашыў выдаткаваць грашовыя сродкі (5 млн. руб.) на рамонт Бароўскага храма і пабудову царкоўнага дома [14, л. 106].

Мясцовыя ўлады палічылі рамонтна-рэстаўрацыйныя работы, праведзеныя агульнымі высілкамі вернікаў у 1996 годзе, гвалтоўным парушэннем заканадаўства аб ахове помнікаў [15, л. 12]. Знешні выгляд Свята-Еўфрасіннеўскай царквы, як даводзілі «знаўцы» сакральнага дойлідства, быў папсаваны будаўніцтвам купалоў, якія не адпавядаюць архітэктурнаму стылю храма.

Заўважым, што жыллё для святароў мясцовыя жыхары в. Бароўка пабудавалі таксама ўласнымі намаганнямі. Раней (з моманту перадачы царквы праваслаўным вернікам у 1992 годзе) святары туліліся разам з сем’ямі ў кагосьці з прыхаджан, а часцей толькі прыязджалі на нядзельныя службы [15, л. 12].

У 1999 годзе з блаславення архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія сённяшні святар Уладзімір (Ляшкевіч) прыехаў на Верхнядзвіншчыну адраджаць Бароўскі Свята-Еўфрасіннеўскі храм. З 2000 года а. Уладзімір пачаў накіроўваць матэрыяльныя ахвяраванні сваіх прыхаджан, а таксама іх гатоўнасць дапамагчы адраджэнню царквы. У 2000 годзе майстрам Мяфодзіем быў адноўлены разны трох’ярусны іканастас, а таксама створаны абразы для алтарнай частцы храма [16, с. 3]. Мясцовыя вернікі падаравалі храму абразы ручной работы. У 2008 годзе вядомы майстар з г. Санкт-Пецярбурга падараваў царкве цудатворны абраз прападобнай ігуменні Еўфрасінні. Да абраза полацкай ігуменні прыязджаюць паломнікі не толькі з Беларусі, але з аддаленых раёнаў Расіі [17, с. 24].

У 2005 годзе на сродкі прыхаджан былі набыты тры званы. Дарэчы, шмат грашовых выдаткаў пайшло на аднаўленне самой званіцы, якая была знішчана разам са званамі яшчэ ў 1930-я гады. Брукаваная дарога да храма выкладзена ў выглядзе чатырохканцовага крыжа, што добра бачна са званіцы.

Пад дбайным кіраўніцтвам а. Уладзіміра робяцца ўсе намаганні па добраўпарадкаванню прылягаючай тэрыторыі храма. Ландшафтны дызайн плошчы рупліва распрацаваны пры дапамозе саміх вернікаў. На сённяшнім этапе прымаецца рашэнне аб агульнай агароджы на могілках, каб святар мог бесперашкодна падыйсці да любога пахавання і адслужыць святочны памінальны малебен. Яшчэ адна надзённая праблема храма заключаецца ў рамонце падлогі, якая непасрэдна нагадвае аб ранейшым існаванні тут сельскага клуба і будаўнічай крамы.

У перспектыве на вёсцы плануецца арганізаваць царкоўны комплекс, у які б акрамя васкрэснай школы ўвайшлі бібліятэка, відэатэка і спартыўная секцыя для моладзі. У 2008 годзе васкрэсная школа (створаная ў сярэдзіне 1990-х гадоў) была пераўладкавана ў аднапавярховым цагляным будынку, дзе таксама былі размешчаны бібліятэка царкоўнай літаратуры і т.зв. «комната падарожніка».

На думку а. Уладзіміра (Ляшкевіч), на Верхнядзвіншчыне патрэбна аднавіць традыцыі паломніцтва. Для гэтага ёсць усё: і храм, і цудатворны абраз прападобнай Еўфрасінні, і крыніцы са святой вадой. Паэтапнае стварэнне пры Бароўскім Свята-Еўфрасіннеўскім храме праваслаўнага падвор’я будзе толькі спрыяць развіццю рэлігійнага турызма на рэгіянальным узроўні[2].

На сённяшні дзень мясцовая цвярдыня праваслаўя перажывае сваё новае адраджэнне, якое распачалося з 1992 года са зменай палітыкі дзяржавы ў адносінах да царквы ў бок большай цярпімасці. Бароўскі Свята-Еўфрасіннеўскі храм па-ранейшаму прымае вернікаў з прылягаючых вёсак Верхнядзвінскага раёна, чые храмы так і не былі адноўлены (вв. Дзернавічы, Боркавічы, Стралкі). Кожную нядзелю і па святочных днях у храме адбываюцца службы. Галоўнае ўрачыстае свята храма прымеркавана да дня прападобнай ігуменні Полацкай Еўфрасінні (5 чэрвеня н.ст.).

Вядома, быў і застаецца працэнт храмавых пабудоў, якія да гэтага часу застаюцца па-за ўвагай мясцовых улад, якія не здолелі вызначыць грашовых выдаткаў на іх аднаўленне. Так, на Беларусі працягваюць існаваць як занядбаныя старажытныя храмы без вернікаў, так і вернікі, якія вымушаны дабірацца на службу да іншай вёскі, бо іх уласны храм быў зруйнаваны яшчэ ў 1930-я гады.

Сучасны стан помнікаў культавай архітэктуры, асвечаных у гонар прападобнай полацкай княжны Еўфрасінні ў вв. Росіца і Сакалішча даволі жудасны. Матэрыяльныя сляды існавання Сакалішчанскага храма знайсці амаль немагчыма. Пра існаванне другога старажытнага сакральнага помніка нагадвае паросшы травой пагорак, з якога дзе-нідзе праглядаюць рэшткі велічных муроў.

Так, праваслаўныя вернікі в. Росіца, дзе была зарэгістравана Свята-Еўфрасіннеўская абшчына, па-ранейшаму вымушаны здзяйсняць набажэнствы на даму. Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю, які і ў нашы дні ўражвае сваёй велічнасцю і прыгажосцю, так і не быў адбудаваны. Замест адноўленага сакральнага будынка вернікі атрымалі былы школьны корпус [18, с. 3]. У аднапавярховым цагляным будынку былой навучальнай установы мясцовае кіраўніцтва з 2007 года вызначыла для малітоўнага дома асобны клас. На сённяшні дзень у малітоўным доме адсутнічае алтар. Святар Васіль (Стрэха), за якім акрамя Росіцкага замацаваны праваслаўны прыход у Сар’янскай Багародзічнай царкве, сцвярджае, што ўрачыстыя царкоўныя службы наведвае мінімальная колькасць вернікаў – каля 10 – 12 чалавек[3].

З пачатку 1990-х гадоў рабіліся пэўныя спробы па аднаўленню архітэктурна-мастацкага вырашэння Росіцкай царквы. У 1990 годзе святар Сар’янскага Свята-Успенскага храма а. Міхаіл распачаў рэстаўрацыйна-рамонтныя работы ў Еўфрасіннеўскім храме. Так, у хуткім часе на купале царквы была ўладкавана макаўка з жалезным крыжам. На жаль, далейшая ініцыятыва святара па адраджэнню праваслаўнага храма не знайшла належнай падтрымкі з боку мясцовага кіраўніцтва. З пачаткам палітыкі «перабудовы» матэрыяльныя сродкі на адраджэнне храма былі канчаткова замарожаны. Да 2010 года макаўка была разбурана, а на яе месцы ўладкавалася буслінае гняздо.

Так, на сучасны момант аднавіць царкву прападобнай Еўфрасінні ў першазданым выглядзе амаль немагчыма. Пакуль не будуць вынайдзены звесткі аб архітэктурным праекце і неабходным каштарысе Росіцкага храма, будзе вельмі цяжка ўзнавіць аўтэнтычнае вырашэнне будынка.

Уплыў гістарычных рэалій на дзейнасць і функцыянальнае прызначэнне разглядаемых намі цэркваў не быў аднолькавым для чатырох храмавых пабудоў. Полацкая Свята-Еўфрасіннеўская царква, у першую чаргу, з’яўлялася архітэктурным кампанентам у забудове манастыра, дзе дамінуючая роля безумоўна належыла Спаса-Праабражэнскай царкве. Агульнае становішча манастырскага комплексу ў цэлым прадвызначала становішча, развіццё і якаснае функцыянаванне яго складаючых. Гісторыя «цёплай» царквы непарыўна звязана з гісторыяй забудовы і планавання ўсяго архітэктурнага ансамбля жаночага манастыра, у той час, калі прыходскія храмы прападобнай Еўфрасінні ў вв. Сакалішча Расонскага р-на, Бароўка і Росіца Верхнядзвінскага р-на з’яўляюцца асобнымі царкоўнымі адзінкамі з адпаведнымі функцыямі. Такім чынам, этапы гістарычнага станаўлення і дзейнасці «цёплай» царквы былі разгледжаны намі пры непасрэдным звяртанні да агульнага становішча манастырскага комплексу ў рэтраспектыве часу.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1. Полоцкий Спасо-Евфросиниевский женский монастырь // Полоцкие епархиальные ведомости. – 1999. – № 7. – С. 1–2.

2. Канфесіі на Беларусі (к. ХVІІІ – ХХ ст.) / В.В. Грыгор’ева [і інш.]. – Мінск: ВП «Экаперспектыва», 1998 – 340 с.

3. Янушкевич, И. Крестный путь: Политика Советского государства по отношению к РПЦ в БССР в 1917 – 1941 гг. / И. Янушкевич // Беларуская думка. – 2009. – № 5. – С. 44–49.

4. Шчэцiна, В. Манастыр ля царквы Спаса: Спаса-Еўфрасiннеўскi манастыр у Полацку / В. Шчэцiна // Чырвоная змена. – 2001. – № 13–14. – С. 4.

5. Святая абiцель: Спаса-Еўфрасiннеўскi манастыр // Полацкі веснік. – 2002. – № 43, 44. – С. 1–2.

6. Лабоха, Г. М. Гісторыя заснавання і развіцця Cвята-Крыжаўзвіжанскага храма як асноўнай складаючай Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага комплексу / Г.М. Лабоха // Труды молодых спец. Полоцк. гос. ун-та. Выпуск 28. – 2008. – С. 15–19.

7. Православные монастыри на Беларуси / С.Э. Сомов [и др.]. – Минск: Четыре четверти, 2003. – 200 с.

8. Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку. – Ф. 658. – Воп. 6. – Спр. 935.

9. Каліноўскі, І. І. Полацк і яго ваколіцы / І. І. Каліноўскі. – Мінск: Вышэйшая школа, 2005. – 143 с.

10. ЗДА у г. Полацку. – Ф. 658. – Воп. 6. – Спр. 935.

11. ЗДА у г. Полацку. – Ф. 658. – Воп. 6. – Спр. 968.

12. Богоизбранный сосуде Святого Духа // Полоцкие епархиальные ведомости. – 1995. – № 6. – С. 1–3.

13. ЗДА у г. Полацку. – Ф. 658. – Воп. 11. – Спр. 334.

14. ЗДА у г. Полацку. – Ф. 129. – Воп. 2. – Спр. 934.

15. ЗДА у г. Полацку. – Ф. 129. – Воп. 12. – Спр. 36.

16. Дедюро, Л. С. Богом в душе и любовью в сердце / Л. Дедюро / Віцебскі рабочы. – 2006. – № 67. – С. 3.

17. Усова, М. Школа любви и святого слова / М. Усова // Віцебскі рабочы. – 2009. – № 93. – С. 24.

18. Пакульневіч, Я. Служым адной мэце / Я. Пакульневіч / Дзвінская праўда. – 1999. – № 15. – С. 3.



[1] Зап. 27 верасня 2009 г. Г.М. Лабоха ад Лысёнак Лідзіі Міхайлаўны 1928 г.н., в. Бароўка Верхнядзвінскага раёна.

[2] Зап. 27 верасня 2009 г. Г.М. Лабоха ад прыходскага святара Свята-Еўфрасіннеўскай царквы а. Уладзіміра (Ляшкевіч), в. Бароўка Верхнядзвінскага раёна.

[3] Зап. 17 красавіка 2010 г. Г.М. Лабоха ад прыходскага святара Свята-Успенскай і Свята-Еўфрасіннеўскай царквы Васілія (Страха), в. Росіца Верхнядзвінскага раёна.

1-Свято-Евфросиниевская церковь в д. Боровка Верхнедвинского района Витебской области .jpg

2-Храм прп. Евфросинии Полоцкой в д. Росица Верхнедвинского района Витебской области .jpg

3-Свято-Евфросиниевская (Теплая) монастырская церковь. Фото конца XIX века.jpg

4-Свято-Евфросиниевская  монастырская церковь. 1972 г..jpg

5-Свято-Евфросиниевская  монастырская церковь. 1970-е гг..jpg

6-Свято-Евфросиниевская  церковь обители. 1970-е гг..jpg

7-Свято-Евфросиниевская церковь Спасо-Евфросиниевского монастыря. 2007 г..jpg

8-Свято-Евфросиниевский храм обители. 2012 г.jpg


















Возврат к списку

Вернуться на главную страницу


Расписание богослужений

13/26 июня, среда

Мц. Акилины. Свт. Трифиллия, еп. Левкусии Кипрской.

5.45 Полунощница. Молебен у мощей прп. Евфросинии.

7.15 Часы. Божественная Литургия.

16.45 Вечернее богослужение.

Частица св. мощей прп. Александры Дивеевской, имеется в мощевике обители.

Смотреть все

Православный календарь

13/26 июня, среда

Мц. Акилины (293). Свт. Трифиллия, еп. Левкусии Кипрской (ок. 370). Прп. Александры Дивеевской (1789).

Прпп. Андроника (1395) и Саввы (XV) Московских. Мц. Антонины (284–305). Прпп. Анны (826) и сына ее Иоанна (IX).

Сщмч. Алексия Архангельского пресвитера (1918); мц. Пелагии Жидко (1944).

Смотреть все

Каталог TUT.BY